Пачынаем трэці сезон курсаў


Бясплатныя курсы па гісторыі горада “Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя” пачынаюць трэці сезон

      

20 верасня ў 19.00 гледачы тэлеканала “Віцебск” убачылі першы ў новым сезоне тэлевізійны выпуск на тэму “Віцебск дахрысціянскі”. У далейшым арганізатары плануюць эфіры ў перадачы “Вячэрні Віцебск” кожны першы і трэці чацвер месяца.

27 верасня ў 18.00 у канферэнц-зале Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна адбудзецца першая публічная лекцыя трэцяга сезона на тэму “Храмы старога Віцебска: у пошуках страчанага”, якую правядзе вядомы віцебскі краязнавец, аўтар шматлікіх фотапраекцый па гісторыі горада Віктар Барысенкаў. У бібліятэцы лекцыі будуць праходзіць кожны другі і чацвёрты чацвер.

Даведка: Цыкл лекцый “Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада” быў распачаты ў верасні 2016 года з мэтай папулярызацыі гісторыі і гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы. Праект стаў альтэрнатыўнай пляцоўкай інтэрнэт-рэсурсам, дзе тыражуецца нямала псеўдагістарычных фактаў, тэорый і вольных трактовак гісторыі Віцебска і Беларусі.

Арганізатрамі бясплатных курсаў з’яўляюцца кафедра гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М. Машэрава, Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна, Віцебскі абласны краязнаўчы музей, Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці і Народны клуб гістарычнай рэканструкцыі “VARGENTORN”. З лютага 2018 года на тэлеканале “Віцебск” двойчы на месяц выходзіць тэлеверсія курсаў.

Лектарамі і экспертамі выступаюць навукоўцы-гісторыкі, краязнаўцы, мастацтвазнаўцы, супрацоўнікі музеяў і архіва, рэканструктары. На працягу двух сезонаў у межах курсаў прачытана 30 лекцый, выйшаў шэраг тэлеперадач на ТК “Віцебск”. Відэаверсіі папярэдніх лекцый і перадач  размешчаны на сайце абласной бібліятэкі (http://vlib.by/index.php/by/vitsebsk-realnaya-i-papulyarnaya-gistoryya-2016), а таксама ў групе курсаў у сацыяльнай сетцы (https://vk.com/histvitebsk).